ЗБО́РАЎСКІ ДАГАВО́Р 1649 паміж гетманам Украіны Б.Хмяльніцкім і каралём Рэчы Паспалітай Янам Казімірам у час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Заключаны 18 жн. ў г. Збораў (Украіна) пасля пераможнай для Хмяльніцкага Збораўскай бітвы. Паводле З.д. захоўваліся вольнасці запарожскага войска, колькасць укр. казакоў на каралеўскай службе вызначалася ў 40 тыс., абвяшчалася амністыя ўдзельнікам вайны, улада ў Кіеўскім, Чарнігаўскім, Брацлаўскім ваяв. перадавалася ўкр. гетману, шляхце вярталіся ўсе яе маёнткі на Украіне. Аднак З.д. не задавальняў ні казакоў, ні шляхту і не быў зацверджаны сеймам Рэчы Паспалітай. У пач. 1651 баявыя дзеянні аднавіліся.

Літ.:

Голобуцкия В.А. Дипломатическая истории освободительной войны украинского народа 1648—1654. Киев, 1962.

т. 7, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)